НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),
армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].
А.Казінян.
т. 11, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)